Новости Энциклопедия переводчика Блоги Авторский дневник Форум Работа

Декларация Поиск О нас пишут Награды Читальня Конкурсы Опросы








ГП-цитатник

Калядная казачка пра прадпрымальніка Пятра і пра Казу

Модератор: Dragan

Калядная казачка пра прадпрымальніка Пятра і пра Казу

Сообщение somnolent » Чт янв 06, 2011 00:54

Калядная казачка пра прадпрымальніка Пятра і пра Казу
ikuzminich писал(а):Гэтая казачка пра часы даўнія-старадаўнія. Было гэта так даўно, што ніхто не памятае калі. А казачку гэтую мне расказала сама Каза на мінулыя Каляды.

Жыла ў тыя даўнія часы Каза. Залатыя рожкі, тоненькія ножкі, мяккая паўсцінка ды шэрая спінка. Нястомная яна была. Штодня раненька ўставала, сонца клікала ды па зямлі нашай скакала. А там, дзе Каза ходзіць – жыццё родзіць, дзе Каза нагой - там бульба капой, дзе Каза рогам - там жыта стогам, да чаго Каза дакранаецца – тое абуджаецца.

З рана і да позняй ночы скакала нашая Козачка, жыццё памнажаючы. Ужо і Сонейка стоміцца ды кажа:

- Козачка мая, Козачка, пойдзем спаць, стамілася я.

А Каза Сонейку ў адказ:

- Так, так, пойдзем. Адно, заскочу ў садок, каб яблачкі ўрадзілі.

- Ну, - пытаецца Сонейка, - цяпер усё?

- Так, так, толькі на рэчку загляну, каб рыбкам што есці было.

Таму доўгія ў тыя часы былі дні і кароценькія ночкі. Толькі ляжаш спаць, а ўжо ранак. Ад таго цёпла на нашай зямлі было, увесь час толькі лета. А зямля радзіла – нават параўнаць няма з чым!

І жыў у тыя часы Пятро. Слаўны быў гаспадар. Гандлем займаўся. Добра ўмеў гандляваць, бо пераканаць мог любога. Добра ўмеў размаўляць па-беларуску, а да таго ж і на чужых розных мовах спраўна гаварыў. І ўсё ў Пятра было добра: і здароўе, і каханне, і гаспадарка. Заможны ён быў, але пра грамаду сваю не забываў. Траціну ўсіх заробкаў на тое, каб ладзіць дарогі, масты ці на іншыя агульныя патрэбы, аддаваў, і на нямоглых, якія самі зарабіць не маглі. Ведаў ён, што талент у гаворцы яму дадзены, каб людзей радаваць, карысць ім прыносячы, а не каб грошы хаваць ці сябе выстаўляць. За гэта не толькі багацце меў гандляр Пятро, але і павагу кожнага.

Але была адна бяда ў Пятра: не было ў іх з жонкай дзяцей. А дзяцей Пятро любіў і бедаваў з-за таго, што іх не мае.

І надумаў Пятро да сябе ў хату Казу запрасіць, каб яна ў сям’ю дзетак і шчасце прынесла.

Сустрэў раз Пятро Казу ды і кажа:

- Чуў я, што ты шчасце ў дом прыносіш. Зайдзі, пасядзі ў нас на слоне! Зачакаліся мы з жонкай дзетак малых.

- А што? - кажа Каза. - Чалавек ты добры, прыстойны. Чаму б і не пасядзець? Адчыняй хату!

Зайшлі яны ў хату, а Пятро Казе:

- Можа квасу вып’еш з дарогі?

- Добра! Квасу вып’ю і адразу пайду, бо справаў маю яшчэ шмат, не магу затрымацца, - адказвае Каза.

Наліў Пятро квасу ды пытаецца:

- Дык можа ты чаго з’ясі? Мая жонка добрую куцю з мёдам гатуе.

- Добра! – згадзілася Каза. - Куцю я ніколі не ела, то пакаштую.

Паставілі куцю перад Казой, а Пятро байкі ёй баіць пра жыццё, пра свет. А Каза заслухалася ды й забыла, што трэба йсці. Зусім загаварыў яе Пятро. Сядзіць каза, Пятра слухае ды куцю есць. А як толькі даядае, жонка новай куці лыжку падкладае.

Так і засталася Каза ў Пятра ў хаце.

Сонца бачыць – няма Казы, ды і пайшло да сябе дахаты. Не стала каму сонца падганяць, таму дні сталі кароткімі, а ночкі доўгімі.

З-за таго, што Каза не хадзіла, не скакала па лясах і агародах, трава пачала жоўкнуць, лісце ападаць, і прыйшла на зямлю восень, а за ёй і зіма. Холадна стала, і замест дажджу пачаў падаць снег.

Дзіўна ўсё гэта было людзям бачыць, бо ніколі яшчэ на Зямлі не было зімы. Раней толькі лета і было.

Пачалі людзі збірацца ды раду радзіць, што ім рабіць далей і як ім Казу шукаць, каб яна лета вярнула.

Апрануліся яны ў кажухі, як Каза, зрабілі зорку нашую беларускую васьміканцовую заместа сонца і пайшлі па хатах шукаць, дзе Каза спынілася, і развесяліць яе, калі яна стамілася.

З хаты ў хату ходзяць, Каляду водзяць, Казу шукаюць, у людзей пытаюць. Да кожнага як зайдуць, то людзі дзякуюць, што яны Казу шукаюць, падарункі розныя даюць.

І прыйшлі калядоўшчыкі да Пятра, а ён з Казой за сталом байкі ёй бае, а жонка Казе куцю падкладае. У хаце Дастатак і Шчасце разам з імі за сталом сядзяць, куцю ядуць, Пятра слухаюць.

Зайшлі людзі, толькі пачалі казаць, а Пятро ім:

- Добры дзень, вам госцейкі! А што вы так прыйшлі ці Казу нашую павесяліць? Бачыце, Каза стамілася. Можа развесяліце яе як? Давайце песню ў славу Казе разам заспяваем!

- Го-го-го каза, го-го-го шэра… - панеслася па хаце.

Бачыць Пятро, што спадабалася песня Казе, зараз будзе выходзіць з хаты. Тады Пятро кажа:

- Дзякуй вам, людзі, што прыйшлі да нас у хату. Каза ў мяне ў гасцях, таму дастатку і шчасця многа маю, то я ім з вамі падзялюся. Даставайце свой мех!

І аддаў Пятро людзям траціну шчасця і дабра.

Абрадаваліся калядоўшчыкі і пайшлі па хатах. А Каза кажа:

- Не пашкадаваў ты шчасця для людзей. Добры ты гаспадар, то яшчэ ў цябе пасяджу.

І яшчэ Каза засталася, пакуль дзеткі малыя не з’явіліся. А як нарадзіліся ў Пятра з жонкай дзеткі – дзве дачкі і два малюпахі сыночкі, - развіталася Каза з Пятром і пайшла іншым людзям шчасце і дабрабыт несці.

Каб Каза прыходзіла, ставяць людзі на Каляды куцю, бо вельмі Каза куцю з мёдам любіць. А як завітае Каза да каго ў госці ды ўбачыць, што не дзеліцца сваім шчасцем гаспадар з людзьмі, пакрыўдаваць і адысці можа. Таму і стараюцца ўсе, як могуць, дагадзіць Казе і калядоўшчыкам, каб шчасце ў іх хаце затрымалася.
Аватара пользователя
somnolent

 
Сообщения: 2908
Зарегистрирован: Пт апр 30, 2010 07:20
Откуда: ff104w98l
Язык(-и): endophasie





Re: Калядная казачка пра прадпрымальніка Пятра і пра Казу

Сообщение esperantisto » Чт янв 06, 2011 09:32

З Калядамі! Дзякуй за казачку :-)
«И вообще погаными тряпками гнать этих переводчиков. Ишь чего удумали — переводить. Да ещё, чтоб удобно им было, хотят.» (на форуме разработчиков ПО)
esperantisto

 
Сообщения: 7035
Зарегистрирован: Ср фев 25, 2004 12:14
Откуда: Менск
Язык(-и): En→Ru/Be, De→Ru/Be

Re: Калядная казачка пра прадпрымальніка Пятра і пра Казу

Сообщение somnolent » Чт янв 06, 2011 19:30

Дзякуй! Вас таксама з Калядамі!
Аватара пользователя
somnolent

 
Сообщения: 2908
Зарегистрирован: Пт апр 30, 2010 07:20
Откуда: ff104w98l
Язык(-и): endophasie



Словари русского языка

www.gramota.ru
Словарь Мультитран
Язык

Вернуться в Белорусский язык

Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 3